З выказваннем “кадры рашаюць многае”, якое часта даводзіцца чуць, мушу не пагадзіцца, бо кадры рашаюць усё! У гэтым яшчэ раз упэўнілася, паразмаўляўшы з начальнікам участка малочна-таварнага комплексу “Варатынь” філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” Тамарай Хлебапашавай, якая сёлета была ўдастоена высокага гонару прадстаўляць працаўніц сельскай гаспадаркі Бабруйскага раёна на рэспубліканскім Форуме сельскіх жанчын у Мінску.
Пабываўшы на мерапрыемстве, Тамара Андрэеўна не на словах, а на справе адчула, што прафесія аграрыя — запатрабаваная і такая ж ганаровая, як любая іншая.
“Уражанняў атрымала безліч! А галоўнае, што ўсвядоміла — і гэта дае крылы працаваць яшчэ больш вынікова — што, жывучы ў вёсцы, працуючы ў сельскай гаспадарцы, ты — не калгаснік у тым адмоўным сэнсе гэтага слова, якое іншым разам здараецца чуць. Столькі нам было аказана пашаны! Столькі ўсяго пабачылі і пачулі! Не стамляюся дзякаваць свайму кіраўніцтву за аказаны давер і гатовая да ажыццяўлення новых вытворчых планаў”, — эмацыйна дзеліцца жанчына.
У Варатыні, дый у увогуле на Бабруйшчыне, гераіня аповеду ўсяго тры гады (сям’я пераехала ў аграгарадок са Жлобінскага раёна), але і гэтага часу хапіла, каб даць высокую ацэнку яе ўнёску ў справу развіцця сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Дзяўчына — з вясковай сям’і, дзе, акрамя яе, было яшчэ пяцёра дзяцей. Каб іх “падняць”, бацькі трымалі вялікую гаспадарку: каня, дзве каровы, парсюкоў, безліч рознай птушкі, Тамара змалку прызвычаілася да сялянскай працы. Была, як кажа, і за аратага, і за пастуха, касіла разам з бацькам, з ім жа бегала на ферму дапамагчы ўправіцца з калгаснай жывёлай. Увогуле, з задавальненнем бралася за любую справу па гаспадарцы.
Яшчэ ў дзявоцтве мая субяседніца ўсвядоміла, што будзе жыць толькі ў сельскай мясцовасці. Адзінае што, атрымаўшы пасля школы дыплом агранома-насенневода, зразумела, што раслінаводства — не тая галіна, якой хацела б сябе прысвяціць, і з упэўненасцю перайшла ў жывёлагадоўлю.
Пакінуць абжыты дом, родныя мясціны і пераехаць у суседнюю вобласць, аграгарадок Варатынь, сям’ю Хлебапашавых прымусіў нізкі заробак у іх сельгасарганізацыі. А ў грошах патрэба мелася: падрасталі трое сыноў (два старшакласнікі і дашкольнік), якіх трэба было не толькі накарміць і апрануць, але і забяспечыць неабходнымі часу набыткамі цывілізацыі. Дый маючы любоў да працы, спаўна ёй аддаючыся, жанчыне хацелася мець адпаведную аддачу.
Першапраходцамі ў Варатыні Хлебапашавы не былі: у філіяле працаваў іх блізкі родзіч. Ён і параіў працавітай сям’і прапанаваць свае паслугі там, дзе іх годна ацэняць.
У філіял “Варатынь” Тамару Андрэеўну ўзялі спачатку аператарам машыннага даення на МТФ №1. Затым, ацаніўшы арганізатарскія і чалавечыя якасці, даручылі ўзначаліць калектыў малочна-таварнага комплексу.
— У нас вельмі працаздольны калектыў. З упэўненасцю скажу, што мы як адна сям’я, адна каманда. Дзеля гэтага прыйшлося папрацаваць з кадрамі. З тымі, хто не падтрымаў ідэю працаваць на высокі вынік, давялося расстацца. Прыйшлі людзі мэтанакіраваныя, зацікаўленыя. Маючы добры заробак, адпаведна і працуюць, — кажа пра калектыў Тамара Андрэеўна. — Я не нагадваю, каму і што калі рабіць, усе і без таго выдатна выконваюць свае абавязкі. Тым болей што для дасягнення высокіх планаў у нас маецца ўсё: жывёла забяспечана кормам, адпрацавана сістэма лячэння, вырошчванне і даенне — выключна ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Да таго ж, маецца выдатны натхняльнік у асобе Марыны Мікалаеўны Аўрамчык, якая заўжды адкрытая да дыялогу, у любую пару гатовая дапамагчы вырашыць праблему, калі такая здараецца. Сама гарыць ідэяй палепшыць вынікі і нас, калектыў, на гэта натхняе.
Дзякуючы такому падыходу да гаспадарання і зладжанасці каманды, вытворчыя паказчыкі малочна-таварнага комплексу ды і ў цэлым жывёлагадоўлі “Варатыні” ўпэўнена можна назваць вартымі для пераймання. За 10 месяцаў на адну карову тут надоена звыш 6 тысяч кілаграмаў малака. Яго рэалізацыю МТК ажыццяўляе выключна гатункам “экстра” пры тлустасці 4%. На комплексе 100-працэнтная захаванасць маладняку.
— Апошняе залежыць ад догляду, — дзеліцца Тамара Андрэеўна. — У час накарміць, напаіць, памяняць подсціл… Маладняк да 3-хмесячнага ўзросту трымаем у хатках на свежым паветры. На ўласным вопыце ўпэўніліся, што гэта правільны падыход, галоўнае, каб маленькай жывёле было суха. Нованароджанае цялятка своечасова выпойваем малозівам: днём гэты абавязак на цялятніцы, уначы — на вартаўніку, працэс у нас адшліфаваны, збоеў не дае.
Высокія вытворчыя паказчыкі даверанага аб’екта і маральная задаволенасць ад працы субяседніцы не даюцца лёгка. Каб гэтага дасягнуць, яна штодня ў 5.30 на комплексе. Пачынае і заканчвае дзень з абавязковага пільнага агляду жывёлы — разам з маладняком тут утрымліваецца звыш 800 галоў скаціны. Пасля ранішняй дойкі, калі аператары сыходзяць дамоў, начальнік участка разам са спецыялістамі зааветслужбы вырашае адно за другім вытворчыя пытанні, кантралюе кармленне, у прыватнасці, прыгатаванне кормасумясі, вядзе неабходную ўліковую дакументацыю. Дамоў вяртаецца толькі пасля вячэрняй дойкі, што не раней за 21-22 гадзіны. І, нягледзячы ні на што, — гарыць справай!
— За мэту сабе паставіла атрымаць на маленькіх цялятках сярэднесутачныя прывагі ў 1 000 грамаў, — з запалам кажа жанчына. — А атрымала болей — 1 100. Цяпер нацэлена на павелічэнне надояў малака, упарта працуем з калектывам на гэта. Маючы добры заробак, людзі трымаюцца за працоўнае месца і стараюцца зарабіць яшчэ болей. Шукаючы патэнцыял для нарошчвання прадукцыі, улічваем любую ініцыятыву.
Зрэшты, пра ініцыятыву. Даўно заўважана, што рухавік любой вытворчасці — сумленнасць і ініцыятыўнасць кадраў, якія яе забяспечваюць. Першае — катэгорыя хоць і пастаянная, але недастатковая для таго, каб браць вышыню. Прымяняльна да жывёлагадоўлі можна сказаць, што сумленны чалавек галоднай скаціну не пакіне, але і наўрад ці стане дбаць пра большае. Для гэтага ў яго павінна быць матывацыя. А гэта ўжо пра грошы.
У філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” колькі год таму стаўку зрабілі менавіта на матывацыю і не памыліліся. Павялічыўшы расцэнкі на вытворчасць прадукцыі, прапанавалі людзям большы заробак і нашмат большую атрымалі эфектыўнасць працы. Цяпер кожны зацікаўлены зрабіць сваю справу як найлепш.
…У завяршэнне размовы пераходзім на дзяцей. Сыны — гордасць маёй субяседніцы: працавітыя, уважлівыя, спагадлівыя. Старэйшыя набываюць прафесію электрыка-
энергетыка ў каледжы, вучацца старанна, за што бацькі атрымліваюць Лісты ўдзячнасці. Пасля заканчэння навучання хлопцы плануюць вярнуцца маладымі спецыялістамі ў філіял “Варатынь”. Дзеля дабрабыту дзяцей і сям’і, з-за таго, што займаецца блізкай да душы справай, Тамара Андрэеўна з ахвотай штораніцы заступае на давераны ёй адказны ўчастак і цвёрда ўпэўнена — наперадзе ў калектыва не адна вытворчая перамога.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.