У гонар Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці карэспандэнт глускай “Радзiмы” [1] пагутарыла са старшынёй Глускай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генадзем Ліпскім. Пацікавіліся тым, як галіновы прафсаюз падтрымлівае членаў сваёй арганізацыі, заахворчае і стымулюе да працы.
— Найперш скажу, што ў полі зроку нашага прафсаюза як мясцовыя сельгасарганізацыі, ААТ, так і фермерскія гаспадаркі, прадпрыемствы-партнёры, тая ж ПМК-86 “Вадбуд”, якая займаецца паляпшэннем земляў, рыхтуе глебу для ўвядзення ў севаабарот, — расказвае Генадзь Ліпскі. — У раённы прафсаюз работнікаў АПК уваходзяць 16 пярвічных арганізацый з агульнай колькасцю больш за тысячу чалавек. Спынюся на той рабоце, якую праводзім непасрэдна з сельгасвытворцамі. Так, у пачатку года быў аб’яўлены раённы конкурс сярод работнікаў ферм “Наш жывёлавод”. Мы ацэньвалі арганізацыю працы на МТФ, прывагі, надоі, якасць малака, паказчыкі падзяжу жывёлы, санітарна-бытавыя ўмовы, усяго больш за дзесяць крытэрыяў ацэнкі, вынікі падвялі вясной. Было вырашана вылучаць не асобных работнікаў, а калектывы, бо менавіта агульнымі намаганнямі дасягаюцца ўсе вынікі. У якасці падарункаў набылі наборы посуду для бытавых пакояў і электрачайнікі, чай і каву. Такім чынам былі адзначаны калектывы МТФ “Глуск” (РАПТЗ), “Слаўкавічы” (аграфірма “Слаўгарадскі”), “Слабодка” (“Глуская Зара”), “Поўстка” (“Зара Камуны”), “Калацічы” (эксбаза “Глуск”), а ў “Турыно-агра” выбралі дзве фермы: “Даколь” — за высокія прывагі і “Турыно” — за высокую якасць малака.
Калі падвялі вынікі пасяўной кампаніі, Падзякамі і прэміямі галіновага прафсаюза ўзнагародзілі 29 механізатараў з розных сельгаспрадпрыемстваў, хто дабіўся найбольш высокіх паказчыкаў на сяўбе пры высокай якасці работ і захаванні тэхнікі бяспекі.
Увогуле ўмовы працы ўдзельнікаў актыўных палявых работ — асаблівы клопат як наймальнікаў, так і прафсаюза. У вялікую спёку людзям на поле падвозяць пітную ваду, штодзень кормяць гарачымі абедамі. Летась прафсаюз набыў для кожнай гаспадаркі па два камплекты складной мэблі (сталы, стулы), каб есці на полі было больш зручна. Сяголета каласавыя зерневыя культуры нас не парадавалі ўраджаем, але былі камбайнеры-тысячнікі на ўборцы зерня кукурузы: у “Глускай Зары” і “Слаўгарадскім”, і ад пярвічных прафсаюзных арганізацый перадавікам былі ўручаны прэміі. Рэспубліканскі прафсаюз работнікаў культуры вырашыў сяголета заахвоціць удзельнікаў уборачнай кампаніі, і па нашым хадайніцтве з розных сельгасарганізацый былі вызначаны дзесяць механізатараў, якія і атрымалі каштоўныя падарункі. Яшчэ пяць удзельнікаў жніва былі адзначаны абласным аб’яднаннем прафсаюзаў. Два глускія механізатары, Васіль Калецкі і Валерый Навічонак, на абласных “Дажынках” ад абкама прафсаюза работнікаў АПК таксама атрымалі ўзнагароды: прэмію і сертыфікат на адпачынак у санаторыі. Вось адносна нядаўна адбыўся конкурс прафесійнага майстэрства сярод аператараў па штучным асемяненні жывёлы, райкам галіновага прафсаюза адзначыў яго прызёраў Падзякамі і прэміямі. Зразумела, што не працай адзінай жыве чалавек, яму патрэбен і цікавы адпачынак, таму мы сяголета для членаў нашага прафсаюза арганізавалі дзве экскурсіі — у Мінск, на цыркавую праграму, і ў Баранавічы, у “Парк жывёл”. Мяркуючы па водгуках, паездкі людзям, асабліва дзецям работнікаў, спадабаліся.
Падчас урачыстасці з нагоды прафесійнага свята аграрыяў перадавым механізатарам, жывёлаводам, іншым работнікам будуць уручаны і ўзнагароды ад нашага прафесійнага саюза. Не буду зараз гаварыць, каму і што плануем уручаць, лепш, карыстаючыся магчымасцю, шчыра падзякую ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу Глушчыны за іх працу, за старанне. Няхай усім нам добра і мірна жывецца ў роднай краіне, шчасціць у справах і ў жыцці.
Т. Лугавая
Ссылки в статье:
[1] “Радзiмы”: http://glusk.by