Гэтая ўсім вядомая народная прыказка не губляе сваёй акутальнасці і сёння. Дзеля дасягнення асабістых мэт, самарэалізацыі чалавеку не абавязкова пакараць іншыя гарады і краіны. Добрасумленна працаваць, прымнажаючы асабісты і агульны дабрабыт, можна і на малой радзіме. Прыклад таму сямейная дынастыя бацькі і сына Міхалапаў – механізатараў філіяла «СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”.
Сяргей Фёдаравіч, ураджэнец аграгарадка Баравіца, больш за 40 год шчыруе на зямлі. У працоўнай кніжцы – адзіны запіс – “Бераснёўскі”. “Большую частку працоўнага жыцця я правёў за штурвалам камбайна, – расказаў Сяргей Міхалап. – Пяць год таму выйшаў на заслужаны адпачынак, аднак працягваю працаваць у гаспадарцы і зараз. Не магу сядзець на месцы! Зямля – наша карміцелька, калі працую – душа адпачывае…”.
Любоў да працы на зямлі Сяргей Фёдаравіч перадаў і свайму сыну Яўгену. З малентсва браў яго з сабой на работу, вучыў прамудрасцям земляробчай справы. Прафесійныя навыкі трактарыста-машыніста хлопец атрымаў падчас вучобы ў ліцэі №15 г.Кіраўска і адразу ж працаўладкаваўся ў “Бераснёўскі”. Праз два гады работы Яўген пайшоў служыць у армію, пасля вярнуўся дадому і ўжо чатыры гады запар ён шчыруе ў галіне сельскай гаспадаркі. Бацька адзначае, што сын умее рабіць любую земляробчую справу нават лепш за яго. Прозвішча Яўгена Міхалапа заўсёды сярод лідараў працоўных спаборніцтваў, прычым падчас гарачай пары жніва ўжо каторы сезон шчыруе і за штурвалам збожжаўборачнай тэхнікі, і паспявае на адвозцы збожжа.
Па выніках штогадовага раённага спаборніцтва Сяргей Міхалап прызнаны пераможцам на ўзворванні глебы падчас веснавых палявых работ. Яўген Міхалап заняў першае месца сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы кармоў ад камбайнаў, другое месца – на падрыхтоўцы глебы падчас восеньскіх палявых работ. Ён жа па выніках сёлетняга раённага спаборніцтва на жніве заняў другое месца сярод маладых вадзіцеляў на адвзоцы збожжа ад камбайнаў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Крынiца: www.kirovsk.by