Ініцыятарамі экскурсійнай паездкі моладзі раённых гаспадарак і прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельгаспрадукцыю, у сталіцу краіны — горад Мінск стала ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама і райкам прафсаюза работнікаў АПК. Апошні вылучыў і сродкі на гэта.
— Упэўнена, што будзе цікава. Плануем пабываць на стратэгічным для краіны МТЗ, дзе вырабляюць трактары, з якімі многія, асабліва хлопцы-інжынеры, па рабоце сутыкаюцца, у нацыяльнай бібліятэцы, зрабіць экскурс па горадзе: пазнаваўча, цікава і з карысцю правесці час. Хочацца, каб моладзь адарвалася ад звыклых штодзённых спраў, набралася станоўчых эмоцый, уражанняў, каб маладыя спецыялісты, якіх у перавазе, пазнаёміліся, пасябравалі, абмяняліся першым вопытам. Да таго ж, хочацца, каб юнакі і дзяўчаты напярэдадні значнай падзеі — рэферэндуму па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ацанілі маштабы зробленага ў краіне за апошнія гады, адчулі гордасць за сваю дзяржаву, — адзначыла лідар раённай арганізацыі АПК Надзея Дудаль, якая і ўзначаліла паездку.
Намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Аляксей Жураўлёў, які, да таго як адправіцца юнакам і дзяўчатам у падарожжа, прыйшоў пажадаць ім прыемнага адпачынку, засяродзіў увагу на пытанні ўдзелу ў канстытуцыйным рэферэндуме.
— Вам будаваць будучыню, у ёй жыць. Таму чакаю ад вас дарослага, абдуманага падыходу да выканання свайго грамадзянскага абавязку, — заўважыў намеснік старшыні.
Аляксей Жураўлёў таксама перасцярог маладых людзей ад уплыву негатыўнай, фэйкавай інфармацыі, якая зачастую з’яўляецца ў інтэрнэце. Заклікаў падыходзіць да кожнага свайго ўчынку адказна і сур’ёзна.
Алена КАРПЕНКА. Фота райкама прафсаюза работнікаў АПК.
tribunapracy.by