Справаздачна-выбарчая канферэнцыя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УКП “Жылкамгас” Беларускага прафесійнага саюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў прайшла ў адміністрацыйнай будыніне сёння. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел галоўны тэхнічны інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Павел Краўчынскі, старшыня Бабруйскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Віталь Сідзюк, дырэктар камунальнага прадпрыемства Сяргей Грычанок.
Заслухаўшы справаздачу старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УКП “Жылкамгас” Наталлі Мурашка аб рабоце прафкама ў папярэднім годзе, даклады членаў арганізацыі, якія выказалі жаданне выступіць у спрэчках, справаздачу рэвізійнай камісіі, дэлегаты адзінагалосна прызналі работу прафсаюзнага камітэта здавальняючай. Планы на бягучы год, як адзначыла Наталля Мурашка, у прафкама амбіцыйныя. Рэалізаваць іх збіраюцца дзякуючы паляпшэнню фінансавага стану арганізацыі — апошняе звязваюць у тым ліку з прыходам новага кіраўніцтва.
Надзвычай сур’ёзна дэлегаты прафсаюзнай канферэнцыі падыйшлі да абмеркавання новай калектыўнай дамовы прадпрыемства. У мясцовую канстытуцыю акрамя гарантаваных дзяржавай норм уключылі бонусы для членаў прафесійнага саюза.
Падчас канферэнцыі былі абраны новыя грамадскія інспектары па ахове працы. “Ролю апошніх у такой арганізацыі як жылкамгас пераацаніць цяжка, — адзначыў Павел Краўчынскі. — Між тым работнікі самі павінны імкнуцца да строгага выканання норм заканадаўства па ахове працы, бо яны сапраўды “напісаны крывёю”.
Віталь Сідзюк разам з іншым заклікаў прафкам, кіраўніцтва жылкамгаса болей увагі ўдзяліць у бягучым годзе пытанню аздараўлення работнікаў арганізацыі, падрабязна спыніўся на магчымасцях для гэтага, створаных Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.