Асаблівасць сустрэчы ў тым, падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, што мы ўжо не ўносім прапановы змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, ее праект ужо канчаткова сфармуляваны, і многія з ім маглі азнаёміцца. Гэтая сустрэча носіць растлумачальны характар.
Актыў раёна — гэта людзі, неабыякавыя да сваёй малой радзімы, да жыцця сваёй вобласці і краіны, адзначыў Анатоль Ісачанка, і такая сустрэча прадыктавана важнасцю задач па падрыхтоўцы і правядзенні рэферэндуму, які намечаны на 27 лютага. Паездкі па вобласці і сустрэчы ў іншых раёнах паказваюць, што людзі насамрэч праяўляюць цікавасць да канстытуцыйнага рэфармавання, а сацыялагічнае даследаванне сведчыць, што 81 працэнт жыхароў лічыць неабходным унясенне змяненняў у Асноўны Закон. І гэта правільна, дзеючая цяпер Канстытуцыя выканала сваю задачу, беларусы пабудавалі незалежную дзяржаву, якая выстяла і вытрымала ўсе выклікі і нягоды і займае дастойнае месца сярод іншых краін. Так, па ўзроўні занятасці Міжнароднай арганізацыі працы Беларусь размяшчаецца на пятым месцы з 73 дзяржаў, па ўзроўні адукацыі ўваходзіць у трыццатку найбольш развітых краін. На пачатак 2021 года беларусы валодалі больш як трыма мільёнамі легкавых аўтамабіляў. Зразумела, што вырашаны не ўсе праблемы і пытанні, зазначыў губернатар, заўсёды застаецца, над чым працаваць, у прыватнасці, нярэдка можна пачуць крытыку ў адрас сельскай гаспадаркі. Праблемы і цяжкасці там сапраўды ёсць. Але ж і дасягненні відавочныя: наша краіна стала адным з вядучых экспарцёраў сельскагаспадарчай прадукцыі, яна займае трэцяе месца ў свеце па экспарце масла жывёльнага і малочнай сыроваткі, чацвёртае — па экспарце сыроў, пятае — абястлушчанага малака і гэтак далей. Гэта ў цэлым па краіне. Ёсць пазітыўныя зрухі і ў Глускім раёне, губернатар падкрэсліў, што на яго наш гарадскі пасёлак робіць станоўчае ўражанне, гэта добры, кампактны і па-дамашняму ўтульны гарадок. Капітальна адрамантавана другая школа, зроблены рамонт у прыёмным і дзіцячым аддзяленнях раённай бальніцы, газіфікавана прыродным газам 20 дамоў, ёсць і іншыя пазітыўныя зрухі, і магчымы яны толькі дзякуючы моцнай дзяржаўнай уладзе. Аднак чалавеку заўсёды хочацца большага. У Глускім раёне застаецца шмат нявырашаных праблем, скажам, у той жа сельскай гаспадарцы, праблемы гэтыя бачныя, патрабуюць прыняцця кардынальных мер, і яны будуць прыняты, але трэба разумець, што ніхто іншы за нас праблемы гэтыя не вырашыць. Ёсць і іншыя пытанні: з якасцю пітной вады, з аўтобусным абслугоўваннем (у прыватнасці, з некаторымі маршрутамі), трэба завяршыць рамонт тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы. Гэтыя праблемы вядомыя. Але каб выконвалася сацыяльная палітыка, патрэбна моцная эканоміка, а яна не можа працаваць без стабільнай дзяржавы.
За чвэрць стагоддзя жыццё ўнутры краіны значна змянілася: з’явіліся новыя галіны эканомікі, у грамадстве з’явіўся сярэдні клас, вырасла і ўступіла ў жыццё цэлае пакаленне беларусаў. “Новая якасць грамадства патрабуе ўдасканалення сістэмы кіравання, у тым ліку і палітычнага, — сказаў Анатоль Ісачанка. — Перыяды кардынальных перамен — гэта заўсёды час канстытуцыйнага рэфармавання. Толькі трывалы канстытуцыйны прававы падмурак дазваляе забяспечыць эфектыўнасць перамен. Асновы беларускай мадэлі — моцная дзяржава, сацыяльна арыентаваная эканоміка, агульначалавечыя каштоўнасці. Ва ўмовах знешніх выклікаў і пагроз перамены павінны грунтавацца на механізмах, якія забяспечваюць стабільнасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць улады на аснове грамадзянскай згоды. Унясенні змяненняў у Асноўны Закон павінны залажыць прававыя асновы развіцця Беларусі на гады наперад і стварыць механізмы для забеспячэння гэтага развіцця. Такімі механізмамі стануць Усебеларускі народны сход, прэзідэнцкая рэспубліка, захаванне ідэнтычнасці і агульначалавечых каштоўнасцей, сацыяльныя гарантыі”.
У гэтую палітычную кампанію, падкрэсліў кіраўнік вобласці, будзе вызначацца лёс нашай краіны на дзесяцігоддзі наперад, і нам дадзена магчымасць прыняць рашэнні, якія стануць для нашага народа лёсавызначальнымі.
Без такіх фундаментальных каштоўнасцей, як незалежнасць краіны, яе суверэнітэт, нацыянальная самабытнасць і культура беларускага народа немагчыма сацыяльнае развіццё нашага грамадства, і гэта вельмі дакладна акрэслена ў прэамбуле Канстытуцыі, зазначыў, выступаючы перад актывам Глускага раёна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, адзін з распрацоўшчыкаў праекта Канстытуцыі. Мы абапіраемся на шматвяковую традыцыю беларускай дзяржаўнасці, для нас важна захаванне гістарычнай памяці і гістарычнай праўды, што прапаноўваецца замацаваць у шэрагу артыкулаў Канстытуцыі. “Гісторыя — гэта мы, гэта тое, што робіць нас такімі, якія мы ёсць, гістарычная памяць, гістарычная праўда — гэта адказ на тры важнейшыя фундаментальныя пытанні: адкуль мы, чаму мы такія і як нам будаваць стратэгію сваёй будучыні”, — заявіў Ігар Марзалюк.
У сустрэчы з актывам раёна таксама прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха. У ходзе сустрэчы выступаючыя адказалі на пытанні з залы, яны тычыліся ролі Парламента, рэалізацыі ў жыццё артыкулаў пра патрыятызм і захаванне гістарычнай памяці, пра ролю і магчымасці моладзі і іншыя.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ