Традыцыйны раённы конкурс тэхнікаў па штучным асемяненні кароў і цялушак прайшоў на базе “Агракамбінат Бабруйскі”. Мерапрыемства ладзілася ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
tribunapracy.by
Удзельнікі конкурсу — тэхнікі-асемянатары сельскагаспадарчых арганізацый. Людзі, значнасць прафесіі якіх цяжка пераацаніць: развіццё жывёлагадоўлі і гаспадаркі ўвогуле наўпрост залежыць ад абнаўлення статку. Дасягнуць максімальнага выхаду маладняку (асноўны паказчык пры выбары пераможцаў конкурсу!) — задача, якую ставіць перад сабой кожны паважаючы сябе асемянатар, узбройваючыся дзеля гэтага ўласным вопытам і, галоўнае, тэхналагічнымі рэгламентамі. Наколькі апошнімі валодаюць, дэманстравалі канкурсанты, адказваючы на тэарэтычныя і практычныя пытанні спецыялістаў Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства.
У выніку 1-е месца прысуджана тэхніку-асемянатару Наталлі Іванаўне Акуліч (філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”), другое — Таццяне Аляксандраўне Грабко (СВК “Гігант”) і трэцяе — Вольге Сяргееўне Астапенка (ААТ “Саўгас Кісялевічы”). Цырымонію ўзнагароджання правёў старшыня Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Сухадольскі.
Падзяку ад Бабрускага райвыканкама за ўдзел у конкурсе таксама атрымалі тэхнікі-асемянатары: Таццяна Мкалаеўна Кажадуб і Аляксей Пятровіч Ступень з ААТ “Міхалёўская Ніва”, Ларыса Міхайлаўна Мірончык — з ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”, Сяргей Васільевіч Акуліч — з філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” і Аксана Уладзіміраўна Казакова — з ААТ “Саўгас Кісялевічы”. Не засталіся без узнагарод сёння і ветэран конкурсу Таццяна Мікалаеўна Фаміна з ААТ “Неўскі-Агра” і малады спецыяліст ААТ “Агракамбінат Бабруйскі” Аляксандр Барысаў.