Больш за палову свайго жыцця, 23 гады, Дзмітрый Рудзько працуе ў “Жылкамгасе”, і амаль увесь час у яго руках тэхніка, спачатку трактар, а апошнія тры гады — экскаватар. Пра гэта пiша глусская “Радзiма“.
Дзмітрый Мікалаевіч — машыніст 5-га разраду. Зразумела, што калі такі працяглы час чалавек працуе ў адной арганізацыі, то паспявае не тое што ўнікнуць у справу, а вывучыць яе да драбніц, яго таксама паспяваюць уведаць, вывучыць і як спецыяліста, і як чалавека.
“Работнік ён тэхнічна граматны, дысцыплінаваны, — характарызуе падначаленага галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Лугін, — і тэхніка: трактар цi экскаватар ў яго заўсёды дагледжаная, спраўная, падрыхтаваная да работы, ён працуе ў нас на экскаватары, трактары і пагрузчыку.
Дзмітрый Рудзько з тых людзей, пра каго гавораць, што ён безадмоўны ў працы, не лічыцца са сваім часам. У выпадку вытворчай неабходнасці здольны хутка ацаніць сітуацыю і граматна прымяніць свае веды, уменні. Усё гэта ў нашай рабоце вельмі важна, асабліва калі даводзіцца ўхіляць аварыйныя сітуацыі на аб’ектах: як кваліфікаваны машыніст экскаватара ён нярэдка бывае задзейнічаны на такіх неадкладных работах.” Зрэшты, аварыйныя і іншыя няштатныя сітуацыі здараюцца не так і часта. А вось планавыя работы — кожны дзень. Самыя прыкметныя і аб’ёмныя сярод іх — гэта замена зношаных участкаў цепласетак на папярэдне ізаляваныя трубы. Справа гэта важная, патрэбная, да таго ж няпростая, заняты на ёй шмат розных спецыялістаў, і не апошняе месца адводзіцца земляным работам — выкапаць траншэю, потым засыпаць, разраўняць тэрыторыю.
Летась у раёне (работы вяліся ў розных месцах — Балашэвічах, Клетным, Заеліцы) было пракладзена 1690 пагонных метраў пі-труб, і ўсе траншэі для іх (больш за 800 метраў) капаў сваім экскаватарам машыніст Дзмітрый Рудзько. Сяголета такія планавыя работы таксама будуць весціся, пасля завяршэння ацяпляльнага сезона. Зараз жа, у прыватнасці, на гэтым тыдні, ён грэйдзіраваў дарогі, грузіў шчэпкі на кацельнай. І як заўсёды, рабіў сваю справу якасна.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ
Яшчэ навiны на mogilev.1prof.by, а таксама на тэлеграм канале “Прафсаюзы Магiлёўшчыны“.